ПАЎНО́ЧНАЯ ЗЯМЛЯ́,

архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., на мяжы мораў Карскага і Лапцевых, тэр. Расіі. Ад мацерыка аддзелена пралівам Вількіцкага. Пл. каля 37,6 тыс. км². Уключае 4 вял. астравы — Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Бальшавік, Камсамолец, Піянер — і шмат дробных. Берагі месцамі скалістыя і стромкія, парэзаны глыбокімі фіёрдамі. У рэльефе вылучаюцца прыледавіковыя плато, узвышаныя раўніны, тэрасаваныя прыбярэжныя раўніны. Каля ​1/2 пл. ўкрыта ледавіковымі купаламі і шчытамі (выш. да 965 м). Складзена пераважна з асадкавых (пясчанікі, сланцы, даламіты, мергелі) і вывергнутых (дыябазы, граніты) парод. Клімат суровы, арктычны. Сярэднія месячныя т-ры зімой ад -28 да -33 °C, летам 0,5—1,6 °C. Ападкаў 150—400 мм за год. Пераважае арктычная пустыня з плямамі мохава-лішайнікавай расліннасці. У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Лежбішча нерпы, грэнландскіх цюленяў, маржоў, бялухі. Птушыныя «кірмашы». Астравы адкрыты экспедыцыяй Б.А.Вількіцкага ў 1913, даследаваны экспедыцыяй Г.​А.​Ушакова і М.​М.​Урванцава ў 1930—32.

т. 12, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)